СТАН ДЗЕЯСЛО́ВА,

катэгорыя дзеяслова, якая паказвае на адносіны дзеяння да суб’екта (утваральніка дзеяння) і аб’екта (прадмета, на які накіравана дзеянне).

У сучаснай бел. мове вылучаюцца 2 С.дз.: залежны і незалежны. Калі дзеянне накіравана на суб’ект («дом будуецца рабочымі»), тады С.дз. вызначаецца як залежны. Пры гэтым назва ўтваральніка дзеяння («рабочымі») у сказе мае форму творнага склону і выступае не ў ролі дзейніка, а дапаўнення. Такія сінтакс. канструкцыі называюць пасіўнымі. Калі ж дзеянне на суб’ект не накіравана («рабочыя будуюць дом», «чалавек ідзе па дарозе»), тады С.дз. вызначаецца як незалежны Такія сінтакс. канструкцыі называюць актыўнымі Залежны і незалежны С.дз. маюць толькі пераходныя дзеясловы, усе непераходныя адносяцца да незалежнага.

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)